Гадуюць рыбу ў сажалках або прыстасаваных натуральных вадаёмах. Сажалкі абсталяваны прыстасаваннямі для запаўнення вадой з рэк і азёр, падтрымання яе ўзроўню ў час вегетац. сезону і спуску для адлову рыбы. Поўнасістэмныя С.р.г. маюць нераставыя (прызначаны для нерасту рыбы і развіцця малявак да 2—3 тыднёвага ўзросту), выроставыя (для гадоўлі сяголеткаў), нагульныя (для вырошчвання таварнай рыбы), зімавальныя (зімоўка рыбы), матачныя (утрыманне вытворнікаў), каранцінныя (для ізаляцыі хворай рыбы) сажалкі; маюць цэхі інкубацыйныя, кармавыя і па перапрацоўцы таварнай рыбы. Экстэнсіўныя С.р.г. гадуюць рыбу на натуральнай харч. базе. Больш эфектыўныя інтэнсіўныя С.р.г., у якіх выхад прадукцыі павялічваецца шляхам меліярацыі, угнаення вадаёмаў, штучным кармленнем рыбы. На Беларусі 18 С.р.г. сумарнай пл. нагульных сажалак 21,86 тыс.га, найб. буйныя — «Чырвоная Слабада» (2450 га) Салігорскага, «Лактышы» (2253 га) Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл., «Сялец» (2246 га) Бярэзінскага, «Любань» (2238 га) Любанскага р-наў Мінскай вобл.Гл. таксама Рыбаводства, Рыбныя гаспадаркі.
Да арт.Сажалкавыя рыбныя гаспадаркі: панарама сажалак (злева); схема размяшчэння вадаёмаў (а — выроставыя, б — нераставыя, в — зімавальныя сажалкі).